Июль
Рок ад “ZnaROCK”

Яны не былі на “Еўрабачанні”…Ды гэта ім і не трэба. Каларытныя беларускія хлопцы граюць у новым накірунку “зна-рока”, мараць пра мяккія цацкі ад фанатак і шчыра ўсміхаюцца, гаворачы пра еўрапейскую моладзь у Беларусі. Знаёмцеся – гурт “ZnaROCK ” – прадстаўнікі маладой беларускай рок-сцэны, cтудэнты трэцяга курса, пераемнікі “NRM” і “IQ-48″.
Склад:
Ян Катоўскі – вакал, гітара
Яўген Вольны – сола-гітара
Ваня Анішчанка – бас-гітара
Зміцер Цітоў – бубны
Сябра гурта:
Даша Кадамская – вакал, тэксты
Характарыстыка атмасферы ўнутры гурта: дэмакратычная анархія.
Пра гісторыю гурта яго ўдзельнікі і заснавальнікі могуць расказваць доўга і нават у некалькіх варыянтах
Ян: Ад пачатку былі два чалавекі – я і Яўген. Сустрэліся мы ў Ліцэі БДУ. Дзякуючы Яўгену, я навучыўся граць на гітары. І першай песняй, якую я сыграў, былі “Простыя словы”.
Яўген: Не, пачалося ўсё напэўна з таго твайго верша пасля 10 класа! З’явілася думка, што мы можам нешта замуціць. Ён напісаў верш, такі шчыры, падлеткавы, наіўны…
Ян: Яўген узяў гітару ў рукі, найграў – опа! атрымаўся матыўчык. Але песня была яшчэ няпоўная, літаральна адзін куплет. Затым неяк ішлі мы з Яўгенам і я яму кажу – усё, сёння дапішу песню! Ён не паверыў: як гэта можна раптам захацець і дапісаць. А я вярнуўся дадому, дапісаў яшчэ тры куплеты, і пасля гэтага мы пачалі яе спяваць. Назвалі песню “Новы пачатак”.
Яўген: Назву прыдумалі не адразу. Спачатку мы ўвогуле называлі песні: першая, другая, трэцяя, чацвёртая… (смяецца).
Творчыя пошукі
Ян: Спачатку ішло даволі туга. Мы ігралі акустыку. Доўга думалі, ці варта пераходзіць на электрычную версію, але аднойчы трапілі ў Швецыі ў музычную краму, дзе можна было граць на інструментах. Дарваліся, электрагітаркі як узялі ў рукі … і Яўген сказаў: усё, трэба купляць “электруху”! Месяцы чатыры вучыліся граць. На першай рэпетыцыі нічога асабліва не наладжвалі нават – прыйшлі, падрубілі інструмент і давай “валіць”. Галоўнае – каб весела было. Потым больш-менш разабраліся, як гук рабіць. Рэпетавалі дзе прыйдзецца, калі былі заняткі, то ўвогуле прыходзілі з 7 да 9 рэпетаваць, бо гэта танней. На нас глядзелі як на дзівакоў – во, так рана ідуць!
Першы выступ
Яўген: Першыя нашы канцэрты прайшлі ў ліцэі БДУ. У нас быў такі праект, называўся “Беларускія паседжанні” – альтэрнатыва дыскатэцы, што праходзіла на першым паверсе. Спявалі песні – свае, чужыя…Чамусьці хутка атрымалася так, што спявалі толькі мы. А потым народ пачаў прыходзіць, каб паслухаць спецыяльна нас.
Назва
Ян: У нас падобная гісторыя з гуртам “Metallica” (усміхаецца). У ліцэі мы выдавалі газету і трэба было яе нейк назваць. Прапаноўвалі самыя арыгінальныя назвы, кшталту “Калматы камочак поўсці”, “Паранаідальныя мядзведзікі”…а дзяўчына Яся прапанавала – “Знарок”. Нам падалося, што гэта рэзкавата гучыць для газеты, але потым паглядзелі і вырашылі – добрая назва для гурта! Пазней яшчэ вылучылася “Рок” . Ёсць ска-панк, а мы граем зна-рок (усміхаецца).
Набыткі
Яўген: Песня “Піраты Менскага мора”, што мы напісалі гэтай восенню. Яна нас вельмі згуртавала, бо гэта была першая песня, якую мы напісалі разам, усе партыі, аранжыровачку. Мы хочам зрабіць у падобным стылі альбом. Нам яна падаецца лепшай.
Ян: Шмат удзельнічалі ў сяброўскіх вечарынах – як вынік, новыя сябры і новыя кантакты.

Як ствараецца песня
Яўген: Калі як. Ну напрыклад, у песні “Піраты Менскага мора” нарадзілася спачатку назва: О! Прышпільная назва! Трэба нейкі тэкст цікавы. Часам наш бубнач Зміцер нешта прыносіць, часам Ян. Бывае, сварымся нават у працэсе творчасці, калі на каго дурнота находзіць. Але, калі збіраецца гурт – нас “прэ”! Адзін нейкую ідэю сказаў, другі падхапіў і паняслося…
Ян: Як сказаў адзін вядомы музыка – атрымліваецца магія.
Яўген: А наконт тэматыкі – вызначанай няма, але ў апошні час часцей атрымліваецца нешта больш дураслівае, вясёлае. Напрыклад, гэта тычыцца песні “Sunny” – кавер на “Boney-М”. Мы вырашылі назву не перакладаць. Кірыліцай напісалі – і цяпер мала хто разумее, чаму ў песні спяваецца пра сонца, а не пра сані (усміхаецца, напяваючы: “Сонцааа…”).
Музыка – гэта…
Ян: Хочацца, каб гэта стала працай. Але мусіць, на дадзены момант гэта складана. Калі амаль два месяцы не было рэпетыцыі – сесія, потым з’язджалі з Беларусі – то высветлілася, што нам, як наркаманам, не хапае музыкі!
Яўген: Гэта не праца ..і не хобі…
Разам: Гэта…стыль жыцця!
Планы
Ян: Перспектывы – сусветная вядомасць (смяецца), запісвацца ў самых лепшых студыях…
Яўген: Натоўпы фанатак, лісты, цацкі мяккія…
Ян: А калі гаварыць пра бліжэйшыя планы, то пісаць песні, збіраць матэрыял, каб можна было да Новага году стварыць праграму для доўгіх канцэртаў. Запрашаюць як малады гурт граць у гарадзенскі клуб. Хочам прабіцца на “Рок-кола”. Таксама магчымы канцэрты у Польшчы. А з менскіх клубаў – зараз можам спакойна граць у “Добрых мыслях”, “Графіці”… Таксама на працягу года будзем рыхтаваць альбом. Ёсць задума пра кліп. Цяпер вось перадалі на “Вольную сцэну” запісаныя “дэмкі”– і чакаем вынікаў.
І ўвогуле, мы з радасцю ўдзельнічаем у розных канцэртах, бо гэта вопыт – вялікая сцэна, добрае абсталяванне, новыя людзі…
Чаго не хапае беларускай музыцы?
Ян: Нармалёвага шоў-бізнэсу! Атрымоўваецца так, што большасць беларускіх гуртоў зарабляюць грошы ў Польшчы. Альбо ніяк не зарабляе. Вось, напрыклад, колькі менскіх канцэртаў у “ІQ-48″? Раз, два і “абчолся”…
Яўген: Уплывае на якасць беларускай музыкі і ўзровень жыцця. Напрыклад, нашы слухачы не могуць пайсці на той жа “ZnaROCK” і аддаць 15-20 тысяч, ды нават 10 не могуць. Студэнты ў нас – бедныя людзі, ды яшчэ й льготы адмяняюць, то ўвогуле будзе… (смяецца). Так і атрымоўваецца, што гурты ад канцэртаў нічога не маюць у кішэні.
Наконт самой музыкі… Зараз многія масцітыя гурты, такія як “NRM”, “J:Mors” аддаюць свае песні на дашліфоўку замежным прафесіяналам. У Беларусі ўмоваў для добрага запісу мала. Ды й не ўсе гурты хочуць і маюць магчымасць выкласці прыстойныя грошы за якасны запіс. Большасць запісвае песні за 40 баксаў ці, як мы “дэмкі” запісвалі на “Басы” – за дзве гадзіны 4 песні і былі шчаслівыя…
Ці можна назваць беларускую моладзь еўрапейскай?
Ян: Чаму не? Канешне не ўсю, але ёсць моладзь, што цікавіцца беларускай культурай, мае еўрапейскія каштоўнасці, думкі, шырокі кругагляд. Напрыклад, паважае не тое, што ў цябе добрая кашулька, прыгожы тварык, а твае індывідуальныя здольнасці і асобу.
Яўген: Каб такой моладзі стала болей, трэба не быць замкнёным: вось мой двор і я тут кароль! Варта ездзіць хаця б у межах Беларусі, каб бачыць што адбываецца. Напрыклад, на Beatles фэсце ў Лагойску было не так шмат гледачоў, нягледзячы на тое, што ўваход быў вольны. І я не думаю, што яны не знайшлі 10 тысяч, каб даехаць. Усё гэта наша лянота, абыякавасць, нецікавасць. Неабходна павага да свайго: самога сябе і сваёй культуры, вера ў свае сілы, тое што ты можаш нешта зрабіць, змяніць вакол сябе. Трэба проста не быць абыякавым, а марыць пра нешта большае, браць шырэй!
Дар’я ГАРОШКА
Один комментарий на “Рок ад “ZnaROCK””
Оставьте комментарий
Вы должны войти в систему для комментирования.

30Июль
Хлопцы і Даша – малайцом!!! Ліцэй БДУ!!!