Авг
МЯДОВЫ МЕСЯЦ, ВОГНЕННАЕ СОНЦА: мёртвы сезон як адзнака цывілізацыі

Сама назва месяцу – жнівень – сігналізуе: усё самае важнае адбываецца ў гэты час зусім не ў сталіцы Беларусі, а максімум адразу за яе кальцавой. Бягучае жніво – самая актуальная падзея стабільнага беларускага лета – накладваецца на адвечную ва ўрбаністычных умовах песню восьмага месяцу году быць сезонам адпачынкаў – мёртвым сезонам. Тым, каму ў гэтую гарачую пару не пашанцавала застацца ў Мінску, прыходзіцца напружваць перагрэтыя звіліны, каб насыціць жыццё хоць якімі культурнымі падзеямі.
Так ці інакш, круглыя суткі мінчукоў цягне да вады. Менавіта яна – сёлетняя стыхія: нездарма “Дажынкі-2007” прымае горад Рэчыца. Нашую ўвагу гэтым блакітнавокім жніўнем прыцягнула менская рэчыца – Свіслач. Берагі яе сяброўкі Нямігі спрадвек былі крывавымі. Свіслач жа можа пахваліцца берагамі калі не кісельнымі, то, прынамсі, мядовымі. Але гэта толькі ўдзень. Уночы водная сістэма былой Паркавай Магістралі, а цяперашняга старога праспекту Машэрава, які перасякаецца з новым праспектам Машэрава, ажывае зусім іншымі фарбамі.
ДЗЕНЬ: ДЖАЛА ГАСПОДНЕ
Жівеньская спёка-2007 мае выразныя заамофныя рысы.Ты, нікога не чапаючы, ідзеш па горадзе, – і раптам на цябе нападае гіганцкая пчала. Пасля сполаху цябе апаноўвае гонар за гэтую пчалу – сімвал адроджаныай традыцыі, татэм рэанімаванага саборнага мяшчанства. У жніўні здаецца, што афіцыйная нацыянальныя колеры краіны не чырвона-зялёныя, а чорна-жоўтыя, а мёд – новае паліва, альтэрнатыўнае расійскаму газу. “Мая сям’я ўжо некалькі год як адмовілася ад цукру – мы дадаем мёд увогуле ўва ўсё!” – чуецца з дынамікаў голас алімпійскай чэмпіёнкі Юліі Несцярэнкі. Мядовы ажыятаж пануе такі, што пакрысе прыходзіш да высновы: наступным прэзідэнтам Беларусі будзе пчала. І памагай Божа – абы не труцень.
Мая бабуля больш увагі надавала Спасу яблычнаму – 19 жніўня мы радасна хрумсцелі асвечанымі ў царкве каштэлямі. Але яблыкі, відаць, – тавар менш грашовы. Яно і добра – я б не вытрымала, калі б пабачыла ў горадзе яшчэ і гіганцкі белы наліў ці штрыфель. Кажуць, мядовы кірмаш “Свет мёду і здароўя-2007”, які з 10 па 19 жніўня праходзіць у Мінскім Палацы спорту, блаславіў мітрапаліт Філарэт. І сапраўды – з духоўнасцю тут парадак: наладжаны спадарожны гандаль іконкамі, крыжамі і аздобамі з бісеру. Апроч гэтага, зразумела, наведнік можа пакаштаваць, а потым і набыць мёд, праполіс, пяргу і іншыя прадукты пчалінай жыццядзейнасці – толькі-толькі з вулляў. І з абсалютна альтэрнатыўных крыніцаў: ладна ліпа ці грэчка, але ніколі б не падумала, што мёд можна “гнаць” з асокі ці рапсу! Бортнікі папярэджваюць: варта спяшацца – лета ў Беларусі выдалася не надта мядовым. Уся надзея на замежных госцяў, якія ўратавалі нас дарамі сонечнага поўдня. Геапасечную парадыгму задае шыльда над уваходам у “Свет мёду і здароўя”: “Беларусь-Башкартастан-Кубань-Алтай”.
Пасярод мядовага раю працуюць шоўмэны – маюць месца вясёлыя конкурсы. Напрыклад, варта станчыць польку ці вальс не так, як усе, – і табе ўручаць кілаграм мёду. На вуліцы, у паўзах паміж танцам пчолак сімпатычны чмель-афрыканец ладзіць спаборніцтва па паўэр-ліфцінгу. Яму чамусьці вельмі важна высветліць, ці не з Афрыкі прыехалі хлопцы, якія падымаюць жоўтыя каністры. “Як цябе зваць? Іван? Ты таксама нэ з Камэрун? Не? Аяяй! Глядзіць-глядзіць, які Іван дужы! Гэта таму што ён есьць многа салёдкі мёд! Сапраўдны бэлярускі асіляк!” – камэнтуе афрыканец. Праз чвэрць гадзіны мікрафон у яго адбярэ чорна-жоўты мужчына з гармонікам – ён заспявае народную пчаліную песню “Сёння ў нашай хаце свята”.
“Наш мёд – найлепшы тут!” – чуваць ля кожнага латка. Свой слоік амброзіі ты зносіш адсюль у перакананні: ніхто з актывістаў “Мядовага Спасу-2007” не памрэ ні ад сціпласці, ні ад цукровага дыябету.
НОЧ: ВАЛЕРЫН АГОНЬ

Пра тое, што, як толькі зусім сцямнее, тут адбудзецца фаер-шоў, сведчаць агенчыкі цыгарэтаў, свечак і індыйскіх духмяных лучынак. Бераг ля пірсу на Камсамольскім возеры запаўняецца людзьмі. 12 і 13 жніўня тут выступаюць майстры кручэння вагнёў. Збольшага беларускія, хоць самі выступы прымеркаваныя да ўдзелу госцяў з Санкт-Пецярбурга – Рамана і Валерыі.
Спачатку ўвагу імправізаванай глядзельнай залі ў чалавек 200 прыцягваюць гітарысты. “Ці ёсць тут бубначы?” – пытаецца нехта з іх – і бубначы з гатоўнасцю аддзяляюцца ад натоўпу. Акампанемент гатовы, шоў пачынаецца. Цёмныя фігуры пад рытмічную музыку спрытна круцяць ланцугі з паходнямі на канцы, пакідаючы паветры стужкі полымя і пах газы.
Шлях агня да Мінску мае геаграфію, адрозную ад мядова-спасаўскага, Валерыя акрэслівае яго пасля выступу: “Я нарадзілася ў Крыму, у Феадосіі, а жыву ў Піцеры. Сёлета па дарозе з поўдня на поўнач мы завіталі на сяброў у Мінск – горад паглядзець. А вагні мы круцім заўсёды. Нам гэта проста падабаецца – гэта стыль жыцця, хоць на вуліцах Масквы можна і зарабіць на гэтым. Мастацтва паходзіць з Новай Зеландыі. Юнакі, каб прадэманстраваць сілу, круцілі камяні на вяроўках – тубыльцы яшчэ не ведалі газы. Дзяўчаты, каб развіць грацыю, круцілі клубкі воўны”.
Ніхто і не думае валіцца ў брудную камсамольскую ваду, тым больш што ад яе ўсіх аддзяляе такі прыгожы вагонь. Тым не менш: “Спасацелі не работаюць, атайдзіце ад вадаёму!” – даносіцца з рупару лодачнай станцыі на супрацьлеглым беразе. Там, відаць, і не здагадваюцца, што ў цемры станцыя здаецца зграбнай японскай пагадаю над возерам. Праз нейкі час, не вытрымаўшы, човен ОСВОДу прычальвае да пірсу, на якім адбываецца фаер-шоў. На барту моўчкі сочаць за палётам полымя. “Маўчаць, пазіраюць, а маглі б і міліцыю выклікаць”, – ухваляюць іх паводзіны на беразе. “Дзе я? У Мінску! – паведамляе нехта побач са мной свайму мабільнаму тэлефону. – Ідзі паўз парк на святло, да вады!”
Марыя МАРТЫСЕВІЧ
Фота – Дзмітры Макатун
Оставьте комментарий
Вы должны войти в систему для комментирования.
