31
Авг

Я буду долго гнать велосипед…

velo_400x3001.jpg

Нядаўна прайшоў чарговы аўтапрабег “Парыж-Масква”, адной з мэтаў якога была папулярызацыя ровару як альтэрнатыўнага сродку перамяшчэньня. На беларускіх дарогах можна было пабачыць людзей рознага ўзросту з розных краінаў, якія дэманстравалі кожнаму сустрэчнаму шматлікія перавагі ровараў. Па звароце дадому, у Берасьце, я пераканалася ў сваім рашэньні набыць сабе двухколага сябра. Асабліва мая ўпэўненасьць ўмацавалася пасьля таго, як я папсавала свае нэрвы, чакаючы грамадзкі транспарт. У Менску ратавала мэтро, ды і адлегласьці, якія даводзілася пераадольваць, пераўзыходзілі мой узровень катаньня …

Стала цікава, наколькі ў нашым горадзе падтрымліваюць маё памкненьне да здаровага ладу жыцьця. Таму я вырашыла паназіраць за цэнтральнай шашой: за паўгадзіны па праезжай частцы праехала адна дзяўчынка на спартовым ровары, ды па пешаходнай частцы праімчаўся хлопец на нейкім вельмі наварочаным байку. Паназіраўшы за вуліцай свайго раёну на ўскрайку горада, пабачыла пару дзядкоў, што, мабыць, ехалі зь лецішча, ды пару падлеткаў, якія напэўна шыбавалі ў шапік за жуйкамі.

Шмат ровараў у Беларусі можна пабачыць хіба толькі ў вёсцы. Заўсёды захаплялася амаль дзевяностагадовымі бабулькамі, якія за дзень праязджаюць дзесяткі кіламэтраў і адчуваюць сябе выдатна. Але па пераезьдзе ў горад вясковыя жыхары намагаюцца як мага хутчэй замяніць свайго двухколага сябра на які-небудзь аўтамабіль, каб ніякім чынам не адставаць ад гараджанаў. Таму і попыт на ровары, як мне паведаміла адна з прадавачак ЦУМу, за апошнія пяць год зьнізіўся. Што датычыць асартымэнту, то ён у берасьцейскай цэнтральнай краме досыць сьціплы: усяго пяць мадэляў: два прадстаўнікі “Аіст” (дарослы за 153 тыс. і падлеткавы за 168 тыс.) ды тры ровары мясцовага велазаводу (адзін з 6-ю хуткасьцямі за 232 тыс., дарожны за 326 тыс. і спартова-турыстычны з усімі наваротамі і 16-ю хуткасьцямі за 417 тыс.) У Менску выбар значна багацейшы, там ёсьць адмысловыя крамы, ды і Інтэрнэт-сайтаў хапае, на якіх можна замовіць сабе ровар з дастаўкай.

Але чаму ж уся Эўропа даўно прызнала гэты транспартны сродак вельмі зручным і, галоўнае, карысным, а ў нас ровар зьяўляецца атрыбутам падлетка-streetbiker’а або вяскоўца? Запыталася у сваіх знаёмых, ці селі б яны на ровар. Студэнтка другога курсу Юля адказала, што з задавальненьнем дабіралася б ва ўнівэр на ровары, але “страшна езьдзіць па нашых дарогах, якія ня надта прыстасаваныя і да машынаў, ня тое што для ровараў, і, па-другое, няма дзе яго ставіць”. Навучэнец дзясятай клясы Косьця адказаў, што мае ровар і можа калі-некалі зьездзіць на ім у краму, але ў школу дабіраецца на аўтобусе, бо на ровары “аднаклясьнікі засьмяюць.” Студэнтка чацьвёртага курсу Наста адказала, што ніколі ў жыцьці ня сядзе на ровар, маўляў, “я і па вёсцы ніколі не праедуся на ровары, ня тое што па горадзе, дзе ўсе мае знаёмыя будуць бачыць, як я у кароткай спадніцы ды на абцасах еду на заняткі”. Старэйшае пакаленьне таксама без энтузіязму аднеслася да такога сродку перамяшчэньня. Выкладчыца адной з ВНУ Натальля Міхайлаўна адзначыла, што “ёй па статусе не падыходзіць езьдзіць на ровары, у той час калі многія студэнты прыязджаюць на машынах”. Працоўны адной прыватнай фірмы Андрэй Мікалаевіч сказаў, што ніколі б не перасеў са сваёй інамаркі нават на вельмі “наварочаны” ровар, таму што “на нашых дарогах гэта было б самагубствам”.

Сапраўды, калі паглядзець на шэраг буйных гарадоў Эўропы, дзе нават на сьветлафоры намаляваны чалавек на ровары, дзе ля кожнай крамы існуюць роварныя стаянкі, а па адмысловых дарожках можна езьдзіць без рызыкі наехаць на мінака ці самому стаць ахвярай ДТЗ, то становіцца зразумела, што ў Беларусі ёсьць над чым працаваць. У Менску ўжо робяцца першыя крокі да стварэньня нармальных умоваў для аматараў ровараў. 30 верасня адкрыецца першая частка 27-мікіламетровай роварнай дарогі, якая пройдзе па самым цэнтры горада ўздоўж Сьвіслачы. Можа, улады нарэшце пачулі заклік удзельнікаў руху “Крытычная маса”, якія штомесяц ладзяць масавыя велапрабегі па горадзе. Апошнім разам іх назьбіралася больш за 100 чалавек, але ДАІ не дало магчымасьці ўдзельнікам скончыць паездку. У выніку 14 чалавек было затрымана. Але ахвотных сесьці на ровар с кожным днём усё болей і болей, таму можна спадзявацца, што паступова гэта будзе ўваходзіць у моду.

А ў гэты час у Эўропе вельмі папулярнымі сталі вандроўкі на роварах, усё больш і больш эўрапейцаў абіраюць у якасьці летняга адпачынку bike-туры. У мностве гарадоў кожнаму ахвотнаму прапануюць такую паслугу як роварныя экскурсіі, пад час якіх адмысловы гід пакажа усе закуточкі і цікавыя месцы, пра якія большасьць мясцовых жыхароў нават не падазравала. Доўжыцца такая вандроўка да пяці гадзінаў і каштуе нешта каля дваццаці даляраў.

Ну а калі ёсьць жаданьне пашырыць свае веды на захад ды ўсход, многія эўрапейцы таксама выбіраюць ровар як самы танны транспартны сродак. Што для гэтага трэба мець? Па-першае, час, таму што галопам па Эўропах не атрымаецца, па-другое, пэўны досьвед у карыстаньні роварам ды добрую фізычную форму. У сярэднім будзе атрымлівацца 50 км у дзень, таму загадзя трэба паспрабаваць зрабіць марш-кідок у суседнюю вёску або проста паездзіць гадзінаў з пяць вакол дома. Мець свой ровар не абавязкова, можна ўзяць напракат, там жа можна ўзяць і намёт, які таксама не зашкодзіць. Трэба вызначыцца, як ты хочаш вандраваць: адзін, удваіх ці з групай. Калі ты адзін, ты можаш ехаць куды і калі хочаш, і з якой заўгодна хуткасьцю. Калі хлопец вырашыць запрасіць ў рамантычнае падарожжа дзяўчыну, трэба мець на ўвазе, што потым, магчыма, прыйдзецца везьці і дзяўчыну, і яе ровар.

Як выбраць месца для падарожжа? Ёсьць гатовыя туры па Эўропе, самыя папулярныя ў Італію – глядзець старажытныя помнікі эпохі Рэнэсанс (мястэчка Умбрыя), ці ў Швайцарыю – скараць Альпы. Падрабязную інфармацыю можна знайсьці на сайтах: www.adventurecycling.org, www.eurobike.com, www.backroads.com. Ну а тым, хто хоча вандраваць па сваёй радзіме, раю проста ўзяць мапу, адзначыць цікавыя мясьціны, сесьці на ровар і правесьці канец лета з прыемнымі ўражаньнямі і карысьцю для здароўя.

Леся ЖОЛУД
На фота: Крытычная Маса №19

Оставьте комментарий

Вы должны войти в систему для комментирования.

Copyright @ Urban.by