Форум актуальнага кіно
Январь 17, 2008
Категории: Интервью
Гарадская мастацкая галерэя твораў Л. Шчамялёва ўжо некалькі месяцаў прыцягвае да сябе людзей, зацікаўленых самаробным кіно. Ідэя, якая іх аб’ядноўвае, — даць магчымасць мясцовым жыхарам сказаць сваё слова з дапамогай зробленых імі фільмаў.
Пра тое, чаму важна мець культурныя цэнтры ў кожным раёне Мінска, што такое самаробнае кіно і як пазбавіцца ад духоўнай ляноты, распавёў адзін з “кінаманаў” — Валодзя Валодзін.
— Як узнікла ідэя аб’яднаць прыхільнікаў самаробнага кіно?
— У Мінску ёсць пэўная колькасць людзей, якія здымаюць сваё відэа, прычым, не сябе любімых з сабачкамі і г.д., але нешта падобнае на кіно. Ужо некалькі груп такіх людзей маюць выпушчаныя фільмы. Гэта адлюстраваў фестываль студэнцкіх відэаролікаў «Кінагрань». Нам хацелася зрабіць нешта яшчэ менш фармальнае — пляцоўку, дзе людзі маглі б сустракацца, абменьвацца думкамі, ідэямі, глядзець кіно, якое ствараюць самі. Такой пляцоўкай выбралі галерэю Л. Шчамялёва. І нездарма, бо ў мінулым годзе там ужо быў падобны паказ, арганізаваны іншымі людзьмі.
— Раскажыце пра кіно, якое вы прапануеце людзям?
— Насамрэч, усё толькі стартавала, і як яно будзе развівацца далей —адказаць цяжка. У жніўні ўзнікла ідэя, у верасні мы дамовіліся, а ў пачатку кастрычніка ўжо быў першы паказ.
Але фармат патроху выпрацаваўся: з інтэрвалам у месяц паказваюцца самаробныя фільмы, і таксама з інтэрвалам у месяц — незалежных аўтараў. Фільмы незалежных аўтараў пераважна замежнай вытворчасці (ЗША, Расія, Францыя), а самаробныя — як беларускія, так і замежныя. Гэта кіно, якое, па-першае, немагчыма пабачыць у кінатэатрах, па-другое, кіно, якое прымушае думаць — актуальнае кіно, так званае, “сацыяльнае” альбо “новая драма”.
Чаму менавіта самаробнае кіно? Калі выпускаецца камерцыйны фільм, то адбываецца пэўная самацэнзура, таму што аўтары лічаць, што для масавага гледача не падыходзіць тое, тое, тое, у фільме не павінна быць гэтага, сяго…і даволі моцна абмяжоўваюць сваю творчасць. Самаробнае кіно дазваляе стварыць, з большага, тое, што хацеў аўтар.
— Хто арганізоўвае паказы?
— Асобы тут не адыгрываюць вялікай ролі. Ідэя насілася ў паветры, і мы проста былі тымі, хто яе рэалізаваў. Назвы ў ініцыятывы ніякай няма — няхай людзі запамінаюць нас праз галерэю Шчамялёва. Сама канцэпцыя гэтага мерапрыемства такая, што, нават калі нехта персанальна перастае цікавіцца кіно і адыходзіць ад гэтага, усё працягваецца, бо іншыя пераймаюць эстафету. Каманда кожны раз мяняецца, а гэта значыць, што справа будзе жыць.
— Як знаходзіце сваіх аўтараў?
— Мы вельмі рады бачыць людзей, якія прыходзяць прапаноўваць фільмы знятыя імі. Пакуль, праўда, больш даводзіцца знаходзіць людзей і пытаць, ці не было б ім цікава паказаць фільм на такой пляцоўцы (галерэя Л. Шчамялёва). Альбо падыходзяць людзі і кажуць: а вось мае знаёмыя здымаюць кіно! Нейкую колькасць аўтараў мы ведаем асабіста.
На сёння мы паказвалі фільмы мінскіх аўтараў Марыны Лепяшко, Васіля Явіда, Арцёма Лобача ды іншых. Большасць гэтых людзей мае сфармаваныя здымачныя каманды і працуе над відэа пастаянна.
— Чаму менавіта галерэя Л. Шчамялёва?
— Гэта месца, дзе магчыма многае! Яна адкрытая для самых разнапланавых культурных падзей. Пры гэтым, галерэя вытрымлівае марку якасці, выклікае самыя прыемныя асацыяцыі. Да таго ж, людзі, якія прыходзяць глядзець кіно, могуць бачыць і жывапіс Леаніда Шчамялёва, і часовыя выставы, якія там адбываюцца. Прыцягвала нас таксама месцазнаходжанне галерэі: быццам бы і далёка ад цэнтру, у Серабранцы, але гэта нават плюс, бо Мінск — вельмі цэнтралізаваны, у тым ліку, і ў культурным сэнсе. Усё знаходзіцца дзесьці, не там дзе ты жывеш: і крамы, і навучальныя ўстановы, і ўстановы культуры… Мікрараёнам вельмі бракуе такіх вось мастацкіх галерэяў, няхай сабе і невялікіх. А з таго людзям увечары няма дзе адпачыць духоўна. Гэта той самы выпадак, калі ствараецца месца, куды можна пайсці, і нагода. І калі людзі палянуюцца выбірацца некуды ў цэнтр горада вечарам, то тут дастаткова перайсці дарогу, і ты апынаешся ў месцы, цікавым ва ўсіх сэнсах, ды яшчэ можаш сустрэць тут і суседзяў па лесвічнай пляцоўцы. Хочацца, каб прыходзіла больш людзей з мікрараёнаў. Каб кожны раён меў свой культурны цэнтр, такі, напрыклад, як біблятэкі Мінску. Тыя з іх, якія маюць нейкую сваю разынку: напрыклад, літоўскі аддзел ці украінскі, знаходзяцца якраз не ў цэнтры сталіцы.
— Па якіх крытэрыях адбіраюцца фільмы для паказу?
— Існуе мінімальная мастацкая планка, таму што ёсць проста трэш, так званае, “смецце”, якое здымаецца больш для сябе. Некаторым людзям здаецца, што гэта смешна, а насамрэч гэта нудна. Трэш у нас звычайна не праходзіць, хіба ён павінен быць неяк асабліва па-мастацку знятым. У прынцыпе, кіно можа быць якім заўгодна, але зробленым з душою, з жаданнем ствараць. Гэта той варыянт, калі людзі з мінімальнай матэрыяльнай падтрымкай, пазычыўшы ў некага камеру, здымаюць кіно нават не таму, што чакаюць славы для сябе, а, часцей за ўсё, проста для душы: для сябе, для сяброў, іншых людзей, якія змогуць паглядзець гэтае кіно. І пажадана, каб у такім кіно з’яўлялася ідэя. Каб гэта была не проста забава дзеля забавы, а штосьці, што штурхала б людзей да думкі, да таго, каб змяняць свет вакол сябе. Мы вырашаем, што глядзець, шляхам кансэнсусу. Пакуль не ўдалося наладзіць добры кантакт з публікай, каб тыя, хто глядзіць фільм сёння, прымалі актыўны ўдзел ў вырашэнні таго, што будзе паказвацца ў наступны раз. Але мы ўпарта запрашаем да сябе ўсіх, хто здымае сваё кіно альбо хоча далучыцца да такіх каманд.
— Ці ёсць сярод вас людзі з прафесійнай адукацыяй у сферы кіно?
— На прафесійнага кінаведа альбо актора ніхто з нас не вучыцца. І гэта, у пэўным сэнсе, добра, бо прафесіяналы бачаць кіно вельмі па-свойму. Ім часам цікавей нейкія тэхнічныя моманты. І тое, што такому чалавеку можа падацца банальным, аўтар самаробнага кіно адкрыў для сябе толькі нядаўна, і для яго гэта знаходка. Для большасці “звычайных” гледачоў таксама.
— Якія яны, аматары самаробных стужак?
— На паказы прыходзіць найбольш моладзь. Але ў будучым хацелася б, каб гэта былі людзі рознага ўзросту і прафесій. Зараз сацыяльныя групы моцна разведзены, і мы працуем над тым, каб культурныя межы, што іх падзяляюць зніклі.
— А як жа быць з так званым “кіно не для ўсіх”? Бо, напрыклад, працоўны чалавек з завода і студэнт творчага ВНУ ўспрымуць адну і тую ж стужку па-рознаму.
— Згодны. Такое кіно як, скажам, “Шызопаліс” (рэж. Содэбэрг) патрабуе пэўнага культурнага досьведу для яго прагляду. Але мы стараемся паказваць фільмы, якія будуць зразумелымі шэраговаму гледачу. Каб, калі на такі прагляд выпадкова трапіць, дапусцім, рабочы з трактарнага завода (ці не выпадкова, што лепш), ён не збег пасля першых 10 хвілін паказу, а застаўся да канца. Такім, напрыклад, з’яўляецца фільм “Пыл” Сяргея Лобана. Гэта не элітарнае кіно. І яго не бачылі многія людзі не таму, што яно “не для ўсіх”, а таму, што прасцей уключыць тэлевізар, чым пазваніць таму ж суседу і запытацца, ці ёсць у яго цікавае самаробнае кіно. Хочацца, каб людзі перамаглі сваю ляноту і зразумелі, што інфармацыю сёння можна здабываць рознымі шляхамі. Некаторыя фільмы з тых, што мы паказвалі, я даваў паглядзець бацькам — яны ў мяне пенсіянеры. Бацькі даглядзелі да канца і сказалі, што кіно сапраўды цікавае.
— Дзе можна знайсці звесткі пра вашу дзейнасць?
— Звычайна, мы расклейваем абвесткі па ўніверсітэтах, размяшчаем іх у раздзелах абвестак “жывога журнала”, на belarus.indymedia.
Апошні сайт, дарэчы, падтрымлівае рэжым адкрытай публікацыі. Размясціць сваю навіну на ім, нават без папярэдняй мадэрацыі, можа любы чалавек.
Таксама ёсць калектыўны блог, у якім я ўдзельнічаю — kairos.noblogs.org. Вядзецца ён па-беларуску і па-расійску.
— Якія змены плануюцца ў будучым?
— Канцэптуальных змен не плануецца, але гэта не значыць, што іх не будзе (усміхаецца). Хочацца, каб кінапаказы існавалі, і працяглы час. Каб гэта была жывая ініцыятыва, а не сур’ёзны, “высакалобы”, з прэтэнзіяй на элітарнасць кінаклуб. Хай гэта месца будзе не трыбунай, з якой людзям вяшчаюць, як правільна нешта рабіць, а форумам, куды прыходзяць абмеркаваць ідэю і прыйсці да пэўнага рашэння, ці, быць можа, і не прыйсці.
— Што хацелі б дадаць ад сябе асабіста напрыканцы размовы?
— Хачу пажадаць чытачам, каб яны не сядзелі і не чакалі, калі ім нехта нешта прапануе, а самі прыдумлялі сабе забаву ў жыцці. Бо ў нашых сілах ажывіць некаторыя месцы, прыдумаць нагоду збірацца разам — а гэтак жыць цікавей і цяплей!
Дар’я ГАРОШКА




Комментарии
Необходимо войти в систему, чтобы оставить комментарий.