25
Март

Кнiга пра вершы

Рубрика: Выставки

dubavec.jpg

Новая кніга Сяргея Дубаўца пад назвай “Вершы” складаецца з мастацкіх эсэ з элементамі літаратуразнаўства і публіцыстыкі, прысвечаных сучаснаму літаратурнаму працэсу Беларусі ўвогуле і вершатворчасці ў прыватнасці. Сяргей Дубавец – пісьменнік, выдавец, журналіст, аўтар кніг “Практыкаванні”, “Русская книга”, “Дзённік прыватнага чалавека”, “Вострая Брама”, у новым выданні прадстае перад чытачом як таленавіты эсэіст, назіральны крытык, глыбокі філосаф, а ў першую чаргу – як сапраўдны аматар беларускай паэзіі. Гэта адчуваецца хаця б па тым, што амаль на кожнай старонцы новай кнігі можна знайсці вершы самых розных беларускіх аўтараў, прычым тэксты прыводзяцца спадаром Дубаўцом часцей за ўсё цалкам і вельмі натуральна ўпісваюцца ў агульны аповед. Сярод паэтаў, якія найбольш часта згадваюцца Сяргеем Дубаўцом, можна знайсці прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў, пабачыць імёны Раісы Баравіковай, Алеся Разанава, Леаніда Дранько-Майсюка, Алега Мінкіна, Ігара Бабкова, Таццяны Сапач, Леаніда Галубовіча, Адама Глобуса, а таксама зусім маладых паэтаў Віктара Жыбуля, Вальжыны Морт, Андрэя Адамовіча, Віталя Рыжкова, Усевалада Сцебуракі і многіх іншых. На першы погляд можа падацца, што немагчыма ўмясціць пад адной вокладкай, у адной невялікай па аб’ёме кнізе такую вялікую колькасць твораў, згадаць многія імёны і класіфікаваць эстэтычныя плыні ў нашай паэзіі, пры гэтым акрэсліўшы набыткі і страты кожнага з літаратурных пакаленняў. Аднак спадару Дубаўцу гэта ўдалося дзякуючы шырокім абагульненням, высокай канцэнтрацыі думкі, лаканічнасці выказванняў. Прычым кніга “Вершы” ад пачатку не прэтэндавала на ролю падручніка ці навучальнага дапаможніка, пра што заўважае сам аўтар: “<…> Я ня меў намеру стварыць нейкую аб’ектыўную карціну сучаснай паэзіі, бо такой аб’ектыўнасьці не існуе ў прыродзе. <…> Па сутнасьці ўвесь гэты тэкст быў задуманы не як традыцыйнае літаратуразнаўства, а пісаўся як верш – цалкам суб’ектыўны, адзіная вартасьць якога мусіла выявіцца ў музыцы словаў, думак і сэнсаў”. Ідэя кнігі як “верша пра вершы” і васьмі частак выдання як аднаго суцэльнага аповеду мімаволі наводзіць на думку пра тое, што пісьменнік абраў за асновапалеглы эстэтычны прынцып успрыманне сусвету як тэксту. Гэтая асноўная ідэя постмадэрнізму дазваляе спадару Дубаўцу апісаць праз выкарыстанне паэтычных твораў і сваё эмацыйнае і інтэлектуальнае ўспрыняцце літаратуры, і перспектывы сучаснай беларускай паэзіі, і культурнае жыццё нашага грамадства.

У кнізе “Вершы” можна вылучыць некалькі найбольш агульных тэм, сярод якіх – сутнасць паэзіі як такой, пытанне жаночай паэзіі, так званыя “выклятыя паэты”, феномен суполкі “Тутэйшыя”, прызначэнне вершатворчасці. Зрэшты, усе гэтыя тэмы аб’яднаныя вобразам нябачнага нам апавядальніка, аўтара, маналог якога, шчодра аздоблены працытаванымі вершамі, мы чытаем з мэтай дадаць нешта сваё, утварыць дыялог.

Апісваючы беларускую паэзію пачатку XXI стагоддзя спадар Дубавец адзначае, што “са зьяўленьнем інтэрнэту масавае прыцягненьне паэзіі па-беларуску толькі павялічылася”, “пра паэзію гавораць на форумах і ў дзёньніках”, што на вечарынах, дзе выступаюць маладыя паэты, у залі ніколі не бывае пуста. Аўтар, кажучы пра цяперашнія набыткі маладога пакалення (еўрапейскасць, індывідуалізм, адукаванасць), з роспаччу піша пра тую высокую цану, якая была заплочана за будучыню літаратуры: гэта і рэпрэсіі 30-х гадоў мінулага стагоддзя, і сацрэалізм як адзіна магчымая эстэтычная плынь савецкага мастацтва, што, быццам плынь магутнай ракі, захліснула і зацягнула ў свой вір усе праявы тагачаснага культурнага жыцця.

У эсэ “Жаночая паэзія” спадар Дубавец разважае над феноменам жанчын-паэтак, прасочвае эвалюцыю лірычнай гераіні ад творчасці яркіх прадстаўніц мінулага стагоддзя (Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш) да такіх пісьменніц, як Яўгенія Янішчыц, што ўпершыню найбольш шырока разгарнула тэму кахання, і да Раісы Баравіковай, якая канчаткова сцвердзіла права на жаноцкасць у беларускай паэзіі.
Вялікую цікавасць выклікае і раздзел кнігі пад назвай “Паэзія або смерць”, у якім робіцца спроба апісаць такія трагічныя постаці ў нашай сучаснай літаратурнай прасторы, як Віктар Стрыжак, Анатоль Сыс, Мікола Купрэеў, Васіль Гадулька. Гэтых творцаў называюць “выклятымі”, або “страчанымі”. Фактычна ніхто з іх не змог пераадолець фатальнасць і наканаванасць уласнага лёсу – усе яны сталі ахвярамі свайго таленту, ахвярамі саміх сябе. Спадар Дубавец піша: “Кажуць, Мікола Купрэеў, разбуджаны ў сьцірце міліцыянтам, замест згубленага пашпарту паказваў свой адзіны паэтычны зборнік са здымкам на задніку вокладкі. А Васіль Гадулька з веданьнем еўрапейскіх моваў раскідваў гной на калгаснай ферме”. Выказваецца пісьменнік і адносна паэта Анатоля Сыса: “Не стыхія круціла Сысом, а Сыс сьвядома праграмаваў свой жыцьцёвы шлях – менавіта такі шлях паступовага выхаду на ролю гарадскога вар’ята, прычым у сталіцы, на самай адборнай публіцы. Іншы раз здавалася, што за ім стаіць прагматычны менеджэр, які раскладае на шалях ягоныя жыцьцёвыя актывы: здароўе – нішто, шоў – усё, а шоў, як вядома, мусіць працягвацца”.
У процівагу лёсам тых творцаў, кожны з якіх стаў “птушкай-страцімам”, спадар Дубавец прыводзіць гісторыю паэта Леаніда Галубовіча, які не выбіраў паміж “паэзіяй або смерцю”, а кінуў пісаць вершы, пагадзіўшыся не на перадвызначанасць свайго таленту, а на жыццё.

Кнігу “Вершы” Сяргея Дубаўца, безумоўна, нельга назваць простым чытвом (хутчэй яна для падрыхтаванай аўдыторыі), але яе можна параіць усім тым, хто хоча разабрацца ў сучаснай беларускай паэзіі, хто любіць літаратуру і мае жаданне зразумець таямніцы мастацкага слова.


Віка ТРЭНАС

Оставьте комментарий

Вы должны войти в систему для комментирования.

Copyright @ Urban.by