22
Дек

Выстава “Малабюджэтны рай”

Рубрика: Aфиша

http://urban.by/wp-content/uploads/2009/12/184.jpg

КАЛЕКТЫЎНЫ ПРАЕКТ-ІНСТАЛЯЦЫЯ «МАЛАБЮДЖЭТНЫ РАЙ»

24 снежня 2009 года ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў», размешчанай па адрасе: праспект Незалежнасці, 37а, адкрываецца выстава «Малабюджэтны рай».
Аўтары праекта — Ганна Балаш, Аляксей Андрэеў, Даніла Парнюк.
Куратар праекта — Алена Папова.

«Малабюджэтны рай» — вынік разважанняў, спрэчак, вельмі адметнай працы, у тым ліку эмацыйнай. Нарэшце, гэта цікаўны эксперымент, спроба візуалізаваць памяць пра колішняе свята Новага года — тое самае, калі «неба было больш блакітнае, а кавуны — больш салодкія». Аўтары праекта імкнуліся сродкамі ўжытковага і фатаграфічнага мастацтва ўзнавіць мадэль і атмасферу, бадай, самага шчырага свята на свеце, воблака шчасця, якое ахутвае нас і нашых блізкіх на кароткі і таму асабліва дарагі час.

Ёсць прадметы, якія амаль ва ўсіх, хто нарадзіўся ў краіне, якой ужо не існуе, выклікаюць адназначныя асацыяцыі з навагоднімі ўрачыстасцямі. Гэта не проста прадметы. Гэта знакі і сімвалы нашага ўспаміну пра шчасце. Іх небагата: яны змяшчаюцца ў адну-дзве старыя скрынкі, у якіх захоўваюцца елачныя цацкі, лісты, фатаграфіі, віншавальныя паштоўкі… Часта мы перарастаем гэтыя рэчы, яны адасобленыя ад нас, але без іх мы, цяперашнія, немагчымыя. Гэтыя прадметы як элементы канструктара, з якога мы складаем сябе па-новаму. І калі штосьці губляецца, мы стараемся замяніць страту на нешта вельмі блізкае, падобнае.

«Малабюджэтны рай» — гульня з тымі прадметамі мінулага, якія для многіх сталіся алфавітам, літарамі якога мы пішам сябе сённяшніх. «Малабюджэтны рай» — свята асабістай прасторы, на якое аўтары праекта запрашаюць усіх, каму яны цікавыя.

Партрэты аўтараў у праекце:

Ганна Балаш:
«Гульня Ганны Балаш, у выніку якой «з нічога» з’яўляюцца яе вялікія (ростам рыхтык з лясных фей і крыху вышэй за буйных лугавых эльфаў. — Таццяна Бембель) лялькі, — цалкам дарослая, узбагачаная рэфлексіяй, настальгіяй, прафесійнай мастацкай адукацыяй, а таксама іншымі прыкметамі даросласці… «Нічога» ― гэта тое, што страціла дарослую таварную вартасць. «Нічога» не проста вось так пайсці і купіць у краме. Гэта скарбы, што хаваюць дзеці ў «сакрэціках», што нясуць на блышыны кірмаш бабулі, спусташаючы памятныя шкатулачкі, запаветныя куфэрачкі, паддашкі і каморы. Лялькі Ані хаваюць мноства гісторый, таямніц, сакрэты чыёйсьці маладосці, чыіхсьці надзей. У Аніных ляльках шмат любові і столькі ж веры і надзеі».

Даніла Парнюк:
«Адмаўляючыся ад сваіх асобасных амбіцый, я станаўлюся толькі адным з фактараў, якія прыводзяць да з’яўлення здымка. Толькі дзейнічаючы інтуітыўна, не ставячы перад фотаздымкай пэўнай мэты, я часам атрымліваю кадры, якія пераўзыходзяць мае чаканні.
Фатаграфія выхоплівае душу ў моманту часу. Фіксуе тое, што імгненна хаваецца. Узмацняе тое, што імкнецца знікнуць. Вяртае, раскрывае, размаўляе з намі. Жыве даўжэй за нас…
Яна сталася адным са спосабаў спасціжэння рэальнасці».

Аляксей Андрэеў:
«Яго фатаграфіі ― гэта адначасова і прызнанне ў каханні гораду, і меланхалічны жаль праз тое, што гэтае каханне ёсць, і разуменне фатальнай немагчымасці вызваліцца ад яго. Фатаграфіі Аляксея сапраўды ўспрымаюцца як «дзіўныя медыумы» (Барт), як своеасаблівая форма галюцынацыі, у якой увасобілася настальгія аўтара па яшчэ не страчаным горадзе, што, аднак, ужо не існуе. Гэтыя працы даюць значна больш (мне прынамсі), чым можа абяцаць тэхнічная сутнасць фота. Заглыбіўшыся ў іх маўклівую таямніцу, я раптам знайшла «свой» Мінск, яго існасць, яго «жывую рэальнасць» (Вольга Каваленка).

Аўтары праекта віншуюць гледачоў і гасцей галерэі са святочнымі ўспамінамі і запрашаюць папрактыкавацца ў віншавальна-пажадальным літаранапісанні, усталяваўшы ля ўваходу ў выстаўную прастору тры стэнды «для творчага запаўнення».

Андрэеў напісаў:
«Востры пах свежассечанай елкі, якая з’явілася пад вечар у кватэры… З гэтым пахам, хай на адну толькі ноч, да цябе зноў прыйдзе дзяцінства. Божа, столькі гадоў прайшло, і нічога не вярнуць, але гэты пах…
Беласнежны абрус, ледзяная пена шампанскага праз край келіха, — і мутнее ў галаве: «Усё добра, дружа!»
Мігцяць на стале свечкі, аплаўляецца воск, і стужачка серпанціну заблыталася ў валасах: «Усё добра!»
Паркет, засыпаны канфеці, нехта смяецца ў суседнім пакоі, а за акном — мокры снег і цішыня: «Усё добра!»
Гэтая ноч будзе доўгай, у гэтую ноч мы будзем шчаслівыя. Мы будзем строіць планы на будучыню і спадзявацца на лепшае.
Хай здзейсняцца нашыя жаданні…»

Балаш прыгадала:
«Месцы на галёрцы называліся на тэатральным слэнгу «райок». Рай ОК. Там быў сапраўдны глядач. Мог шпурнуць памідорам, але і кінуць заручальным пярсцёнкам. Гэта былі самыя танныя месцы, адкуль можна было пракрычаць усё.
Райвыканкам, Райаддзел, Райкам ― гэта ўжо антытэза.
Рай — гэта месца сустрэчы. Час прызначаны, аднак пакуль не вядомы. Але ўжо вядомыя імёны тых, каго мы там сустрэнем.
Малабюджэтны рай — гэта рэпетыцыя шчасця».

Парнюк разважаў:
«Рай ― гэта тое, што мы калісьці страцілі, але марым знайсці зноў. Мы вылічваем формулу свайго шчасця, падстаўляючы розныя элементы, вяртаючыся да зыходнага ― да кахання. Навагодняя ноч ― пераход да часу, які хочацца прайсці разам з самымі блізкімі, магчымасць стварыць хоць ненадоўга свой маленькі рай, з любасцю падзяліўшы ўсё найлепшае, што ў нас ёсць, з самымі дарагімі людзьмі. «Новы год» ― адна са спробаў вярнуць сабе «страчаны рай».
У фатаграфіі ёсць функцыя вяртаць нам тое, што аднойчы знікла. Калі штосьці знята, яно абавязкова захавана. З фатаграфіяй мы можам вярнуць сабе мінулы час, страчанае (забытае) перажыванне. Фатаграфіі падрыхтоўкі да свята «Новага года» вяртаюць нашае ідэальнае імкненне, спробу зноўку трапіць у «страчаны рай» (ідэальны свет). Фатаграфіі вяртаюць гэтую маленькую мадэль вялікага чакання».

Выстава будзе працаваць з 23 снежня 2009 года да 13 студзеня 2010 года.

Один комментарий на “Выстава “Малабюджэтны рай””

  1. nosov1
    22Дек

    Алена Попова на пресс-конференции сказала, что раньше делала крупнобюджетные выставки – имеются в виду аристократические экспозиции Посольства Италии – а сейчас сделала малобюджетную.

Оставьте комментарий

Вы должны войти в систему для комментирования.

Copyright @ Urban.by