Янв
“Топасу” дзесяць

Што было першасным чарка ці шкварка? У чым квінтэсенцыя розуму? Над гэтымі ды іншымі пытаннямі разважалі філосафы на юбілеі часопіса “ТОПАС” у галерэі “Ў” 23-га студзеня.
Філосафы ўсіх узростаў сабраліся сёлета, каб пазаакадэмічна і з добрым настроем сустрэць юбілей філасофска-культуралагічнага, акадэмічнага часопіса “Топас”.
Часопіс быў створаны дзесяць гадоў таму намаганнямі маладых беларускіх філосафаў. Публікацыі ў ім выходзяць на еўрапейскіх мовах тры разы на год, а за час існавання “Топаса” выйшла 22 нумары.

Пра утварэнне “Топаса” распавядае галоўны рэдактар Таццяна Шчытцова:
– Заснавальнікі часопісу — выкладчыкі з розных ВНУ. Часопіс ствараўся як пляцоўка, якая дазволіла б аб’яднацца, прыняць да ўвагі працы іншых. На сёння ў Беларусі ёсць праблема дэфіцыту ўвагі, людзі не чытаюць адзін аднаго. Таму ад пачатку мэта часопіса — фарміраванне супольнасці, дзе б людзі пачалі кантактаваць між сабой, абмяркоўваць тэксты, пісаць рэцэнзіі.
Сёння “Топас” утрымлівае плюралізм меркаванняў і канцэпцый.
Таццяна Шчытцова:
– На сённяшні момант у часопісе можна знайсці розныя напрамкі і меркаванні, ён ўяўляе сабой пляцоўку для абмеркавання стратэгій, метадалогіі, з акцэнтам на актуальную філасофію.
Гасцей юбілею сустракала рэдакцыйная калегія ў складзе Андрэя Горных, Андрэя Лаўрухіна, Альміры Усманавай, Вольгі Шпарага і Таццяны Шчытцовай.

Вечарына крочыла праз размовы, віншаванні і пажаданні “Топасу”.
Андрэй Горных:
– Гэты часопіс даў нам магчымасць цягам дзесяці гадоў публікавацца, аўтарам знаходзіць сваю пляцоўку, чытачам — знаходзіць аўтараў.
Філасофскім развагам спрыяла музыка ад “Маркуц-бэнд”.

Рэдкалегія часопіса падрыхтавала сюрпрыз для наведвальнікаў — філасофскую віктарыну ад Вольгі Шпарага і аўкцыён ад харызматычнага Андрэя Лаўрухіна на прызы “Топаса”.
Маечка з эмблемай часопіса і чорная скрыня з квінтэсенцыяй розуму хутка адышлі ў рукі прыхільнікаў “Топаса” цягам эмацыйных таргоў.

Вольга Шпарага

Андрэй Лаўрухін, аўкцыён
Свае меркаванні пра часопіс і філасофію на вечарыне мог выказаць кожны ахвочы.
Філосаф, літаратар Ігар Бабкоў:

– Часопісы так доўга не жывуць. У Мінску ў 90-я філасофскіх часопісаў было многа. Яны загараліся і хутка згасалі, нібы запалкі. Калі яны згасаюць, становіцца сумна і самотна. Вельмі добра, што ў гэтыя часы, калі сумна і самотна, заўсёды ёсць “Топас”.
На базе часопіса арганізоўваюцца конкурсы навукова-даследчыцкіх прац сярод беларускіх студэнтаў і выпускнікоў беларускіх ВНУ. Так напрыканцы мінулага года пераможцам чарговага конкурсу стаў выпускнік БДУ Андрэй Камароўскі.

Вечарына скончылася невялікім фуршэтам, падчас якога можна было паглыбіцца ў развагі ды размовы з філосафамі і аналітыкамі.


Мартын Ветра
Буздьма Беларусами!
Оставьте комментарий
Вы должны войти в систему для комментирования.
