Март
Лютаўская “Маладосць”: эксперымент і класіка побач
Пабачыў свет новы нумар часопіса “Маладосць” – другі ў гэтым годзе. Лютаўскае выданне асаблівае: на яго старонках маладосцеўцы шчыра віншуюць народнага паэта Беларусі Рыгора Іванавіча БАРАДУЛІНА з 75-годдзем. Дарэчы, у чытачоў ёсць магчымасць пабачыць унікальны архіўны фотаздымак Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Караткевіча, а таксама далучыцца да віншаванняў дзядзькі Рыгора з Днём народзінаў з пажаданнямі моцнага здароўя, творчага плёну і доўгіх шчаслівых вясновых дзён наперадзе.
Часопіс традыцыйна адкрываецца рубрыкай “Упершыню ў “Маладосці”. Дэбютантка другога нумара, будучы журналіст, паэтка Наста ГРЫШЧУК (гэтае імя вядомае чытачу па ранейшай публікацыі ў “Дзеяслове”) у сваёй вершаванай нізцы спрабуе “навучыць анёлаў лятаць” – і, здаецца, у Насты вельмі хораша атрымліваецца! Відаць, таму, што ў яе самой за спінай крылы – як у кожнага натхнёнага паэта.
Будучая прафесія маладога празаіка Дар’і МАКСІМАВАЙ (Даша вучыцца на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ), несумненна, паўплывала на глыбакадумнасць і канцэптуальнасць яе невялікіх па аб’ёме, але дастаткова змястоўных твораў “Слухач” і “Бессань”. Аўтарка таксама друкуецца ўпершыню.
Андрэй СУЗІНЬ, які дэбютаваў у выданні ў снежні 2007 года, сёлета працягвае знаёміць аматараў найноўшай плыні паэзіі са сваімі лепшымі вершамі – цяпер ужо на старонках рубрыкі “Мы – маладыя”, што прадстаўляе творчасць хоць маладых, але ўжо вядомых пісьменнікаў – з так званага “пакалення дваццацігадовых” – найбольш актыўнага на цяперашнім этапе развіцця нашай літаратуры. Андрэй – пастаянны аўтар “Маладосці”, сталы ўдзельнік і прызёр мінскага “Фестывалю аднаго верша” (што праводзіцца кожны год суполкай “ЛІТО.Беларусь”, у прыватнасці яе кіраўніком, пісьменнікам Георгіем Барташам), не спыняецца на сваіх творчых дасягненнях. Паэт распавядае ў сваёй новай публікацыі пра “Горад”: менавіта урбаністыка сталася адной з асноўных тэмаў Андрэя Сузіня.
Паэтычная частка другога нумара прываблівае як тэматычнай, так і жанравай разнастайнасцю. Вершы прадстаўніка старэйшага літаратурнага пакалення Віктара БУБНАВА, выкананыя ў класічнай манеры, не менш цікавыя за верлібры маладой перспектыўнай аўтаркі Кацярыны МАКАРЭВІЧ. Назва твора маладога паэта і літаратуразнаўцы Алеся ДУБРОЎСКАГА-САРОЧАНКАВА – “Новае неба” – суадносіцца з назвай паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. У чым сэнс такога суаднясення? Для многіх чытачоў “Новая зямля” – “энцыклапедыя сялянскага жыцця”. Але хочацца звярнуць увагу на тое, што назва выбітнага коласаўскага твора мае таксама глыбока філасофскі сэнс, калі згадаць радкі з Бібліі (якія былі ўзятыя спадаром Алесем у якасці першага эпіграфа да ягонай уласнай паэмы): “І ўбачыў я новае неба і новую зямлю…” Аўтар прызнаецца: “Гэтую паэму можна ўспрымаць як разважанне паміж радкоў “Новай зямлі”.
Падзея другога нумара “Маладосці” – публікацыя аповесці Сержа МІНСКЕВІЧА “РОК@НАТ”. Пісьменнік акрэслівае жанр свайго твора як “фэнтэзі + +”, а крытык, прачытаўшы “РОК@НАТ”, смела дапоўніць гэтае азначэнне выразам “беларускі блокбастэр”. Сапраўды, у аповесці можна знайсці ўсё: займальны прыгодніцкі сюжэт з элементамі дэтэктыву, дзе казачныя персанажы дзейнічаюць нароўні са звычайнымі людзьмі, гісторыю загадкавага касмічнага карабля, супрацьстаянне Дабра і Зла, бойкі, перастрэлкі, пераследаванні і, канечне ж, сапраўднае вялікае каханне (шкада толькі, што няшчаснае, але адкрыты фінал твора пакідае надзею на лепшае).
Дарэчы, разам з аповесцю Сержа Мінскевіча ў “Маладосць” вяртаецца часопіс у часопісе “Фантаст”: рыхтуецца чацвёрты, красавіцкі нумар, які цалкам будзе прысвечаны адпаведнай тэматыцы: фантастыка, фэнтэзі, містыка, міфалогія, касмічныя даследаванні і нанатэхналогіі – усё самае актуальнае на старонках маладзёжнага літаратурнага часопіса.
Аднак “Маладосць” не забываецца на публіцыстыку і краязнаўства. У лютаўскім нумары – артыкулы Ягора Вітчанкі (аповед пра таленты на Валожыншчыне), Дар’і Шоцік (інтэрв’ю з паэтам Уладзімірам Мазго), Дар’і Гуштын (маладосцеўскі дыскус-клуб), Ірыны Клімковіч (матэрыял пра мінскі каледж гандлю), Кастуся Ладуцькі (своеасаблівы летапіс жыцця і дзейнасці знакамітага астранома родам з Беларусі Гаўрылу Ціхава). Часопіс працягвае публікацыю краязнаўчага даведніка “Літаратурныя мясціны Беларусі”.
Другі нумар “Маладосці” адзначае юбілей народнага паэта таксама і рэцэнзіяй Міколы МІРШЧЫНЫ на кнігу “Паслаў бы табе душу…” – ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай, Акулінай Андрэеўнай. Чытачы могуць азнаёміцца з вытрымкамі з пісьмаў, прачуць і зразумець шчымлівыя, пяшчотныя, кранальныя радкі гутаркі маці з сынам.
“Маладосць” як адно са старэйшых літаратурна-мастацкіх выданняў для моладзі (дзесяцігоддзі таму лепшыя творы Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча і многіх іншых друкаваліся менавіта на яго старонках) па-ранейшаму адкрывае новыя імёны, але не забываецца на традыцыі. Эксперымент і класіка – побач.
Юлія АЛЯКСАНДРАВА
Оставьте комментарий
Вы должны войти в систему для комментирования.



