13
Март

Мерыдыяны і паралелі «Беларускага глёбуса»

http://urban.by/wp-content/uploads/2010/03/vert3.jpg

Гэты від фанаграфічнай прадукцыі займае трывалае другое месца ў
рэйтынгу самых папулярных дыскаў пасля альбомнай прадукцыі. Для яго
абазначэння апошнім часам у беларускай мове з’явіўся спецыяльны тэрмін
— «складанка».


Так, выпуск складанак — гэта своеасаблівы маркетынгавы ход з
выдавецкага арсеналу музыкаў і прадзюсераў, які дапамагае ім пашырыць
слухацкую аўдыторыю і знайсці новых прыхільнікаў беларускай сучаснай
музыкі. У той жа час удзел у складанках дазваляе маладым гуртам
насамрэч адчуць эфект прысутнасці ў нацыянальным рок-руху, а таксама
асэнсаваць свой музычны стыль, узважыць свае набыткі і недахопы ў
параўнанні з іншымі выканаўцамі.

Першай складанкай трэба лічыць дыск «Вольныя танцы. Слухай сваё», які
выдала «Беларуская музычная альтэрнатыва» (БМАgroup) яшчэ ў 1999
годзе. З таго часу БМАgroup запачаткавала некалькі серый складанак
(«Вольныя танцы», «Hard life — Heavy music»), выдала шэраг
стылістычных і тэматычных дыскаў («Hardcoreманія: чаду!», «Сэрца
Эўропы in rock», «Беларускі Турба-mixer»). З таго часу БМАgroup
застаецца лідэрам не толькі ў выданні альбомаў беларускамоўных каманд,
але і ў галіне выпуску складанак. З’явіліся і іншыя выдавецкія суполкі
і грамадскія ініцыятывы (StudFarmat, «Будзьма!» і інш.), якія таксама
зацікавіліся аналагічнымі выданнямі.

І мабільна, і прышпільна…

Складанка «Дзень студэнта» з’яўляецца праектам БМАgroup і суполкі
StudFarmat. Мэта гэтага выдання акрэслена складальнікамі зусім
канкрэтна: «рэальнае павялічэнне роднай мовы ў эфіры айчыннага радыё».
Але якім чынам гэты дыск можа прыцягнуць увагу нацыянальна
індыферэнтных тутэйшых радыё-ды-джэяў?

Скаладальнікі «Дня студэнта» прапануюць свой рэцэпт. Па-першае, у
праграму дыска яны ўключылі зусім новыя сінглы ад маладых гуртоў, якія
збольшага невядомыя слухачам. Па-другое, складанка адносіцца да
трэцяга, аглядальнага тыпу выданняў і ўключае рознастылёвую музыку,
якую, як спадзяюцца ініцыятары складанкі, упадабаюць тыя, ад каго
залежыць 75-працэнтнае напаўненне айчыннага FM-эфіра. Што тычыцца
назвы дыска, то яго ініцыятары падкрэсліваюць: «студэнцтва — не
ўзрост, стан душы». А гэта значыць, музыкам і іх песням павінна быць
уласціва жыццёвая пазітыўнасць, стылістычная мабільнасць і моладзевая
прышпільнасць…

Але спачатку слухачам складанкі «Дзень студэнта» прапануецца заўважная
порцыя фолк-апрацовак — своеасаблівая прышчыпка беларускасці. Гэта
кампазіцыі ад гурта «Бан-Жвірба» («Лявоніха»), сумесны трэк гуртоў
«Джамбібум» і «IQ 48» «Дзеўкі каліну ламалі» і фантазія на фальклорныя
тэмы ад «Гаротніцы» «Каралі-каралікі», якая мела вялікі поспех на
фолк-фэсце «Камяніца» ў мінулым годзе.

Калі FM-ды-джэям гэтага падасца мала, то ім прапануецца музыка іншага
кшталту — лірычная, з перавагай акустычнага гучання, удумлівая і
трапяткая. Такія тэмы прапанавалі маладыя гурты «Zдань» («Нёман»),
«Verasen» («Бурштынавы дом»), «Босае сонца» («Новая вясна»), «Esprit»
(«Да сініх скалаў»), «Rostra» («Пульсары»). Адна з лепшых кампазіцый
дыска ад гурта «Існасьць» — «Сонейка» — прымусіць успомніць і адчуць
цяпло сонечных промняў сярод гэтай доўгай зімы.

Што тычыцца музычнага пазітыву, то слухачам яго забяспечаць жвавыя
рытмы гуртоў «Zatoczka», «Спрат», «Кальмары», «Dali», «Глюкі»,
«Разбітае сэрца пацана», «Хуткі смоўж», а таксама студыйная каманда
«Ultraвожык». Акрамя рытмічнага напаўнення, беларускія музыкі
выкарыстоўваюць вострыя тэксты сацыяльнай скіраванасці і аранжыроўкі,
што дазваляюць гаварыць пра стылістычную разнастайнасць маладой плыні
беларускай рок-музыкі ў яе мэйнстрымавым накірунку.

Асабняком у праграме складанкі «Дзень студэнта» бачыцца песня гурта
«Ляпіс Трубецкой» «Ружовыя акуляры». Гэта прафесіянальна выкананы і
запісаны трэк, які дазваляе па-новаму глянуць на творчасць гэтай
каманды.

«Наша альтэрнатыва»

Песні каманд, якія прадстаўлены на гэтым дыску, дакладна не пачуеш у
беларускай FM-прасторы. Затое ўдзельнікі складанкі «Наша альтэрнатыва»
завалодалі прыхільнасцю тых, хто шукае ў сучасных музычных напрамках
сапраўдныя пачуцці, арыгінальнасць музычнага ўвасаблення і новыя
адценні роднага слова ў рок-музыцы.

Па сваёй структуры і прызначэнню «Наша альтэрнатыва» адносіцца да
стылістычных складанак і мае на мэце пазнаёміць са свежымі творамі
вядомых беларускіх альтэрнатыўных гуртоў, а таксама прадставіць
неафітаў айчыннай рок-сцэны — маладыя каманды са сталіцы і правінцыі.

Ну сапраўды, ці не цікава будзе меламанам праслухаць «свежачкі» ад
легендарнага гурта «Голая манашка» з плануемага да выдання альбома
«АлілуйА», баладу з новага дыска гурта «Partyzone» «Падаць і ўзлятаць»
ці альтэрнатыўна-эсксперыментальны панк магілёўскага гурта «Глюкі»,
які так яскрава выявіўся на апошнім іх альбоме «Ідыятызм»?

Або набыць уяўленне аб стане развіцця рок-музыкі на Беласточчыне па
кампазіцыі гарадоцкага гурта «RIMA» з толькі што выдадзенага імі
альбома «Kalevala», ацаніць гучанне іншага прадстаўніка беластоцкага
року — гурта «5set5», які не так даўно выдаў альбом «Х».

Нельга не адзначыць кампазіцыі, якія слухачы ўспрымуць як самыя
прывабныя на дыску. У прыватнасці, «Бывай-Восень дзецям» ад гурта
«ZM99» (ex-«Зьмяя»), творы ад трыумфатараў «Басовішча» гурта «Тарпач»
(«Нікому») і «Tlusta Lusta» (De Sad), фолк-фантазіі гурта «UNIA»
(«З-пад белага камушыка»), экзерсісы альтэрнатыўных гуртоў «Sciana»
(2000000), «Мутнаевока» («Разрываю»), патанчаць пад жвавае ска ў
выкананні магіляўчан з каманды «Zatoczka».

А вось для каго «Наша альтэрнатыва» стане своеасаблівым трамплінам у
вірлівы на падзеі першы эшалон беларускай альтэрнатыўнай рок-сцэны,
дык гэта для маладых гуртоў, якія прадстаўляюць розныя рэгіёны краіны.
Сярод іх слухачы вылучаць песні «Жывыя» гурта «Jenova» і «Аэрапорты
для анёлаў» гурта «Labo» (Віцебск), сталічнага пост-гранжавага гурта
«Lavatrina», які дэбютаваў песняй «Зоркі». Своеасаблівую
альтэрнатыўна-экстрэмальную аўру дыска падкрэсліла кампазіцыя «Успышка
зьлева» берасцейскай грайнд-каманды «Intra Muros». Гэты гурт ці не
прэтэндуе стаць лідэрам гэтай незапоўненай стылістычнай нішы айчыннага
року.

Але ці атрымаецца гэта ў маладых музыкаў? Спадзяемся, што дасягнуць
такой мэты ім дапаможа ўдзел у складанцы «Наша альтэрнатыва». Дзеля
гэтых мэтаў і быў задуманы гэты праект — стымуляваць творчыя пошукі,
яшчэ раз падкрэсліць арганічнасць беларускай мовы для самых сучасных
рок-напрамкаў, акрэсліць стылістычныя напрамкі развіцця
альтэрнатыўнага накірунку айчыннага року.

«Беларускі глёбус» і яго каардынаты

На айчынных музычных прасторах стварэнне кавераў (апрацовак) сусветна
вядомых хітоў міжнародных зорак року пачало культывавацца не так
даўно. Гэты тлумачыцца ізаляцыянізмам, які быў характэрны для савецкай
культуры ўвогуле, а пасля і шокам ад усведамлення таго, як далёка
пайшлі наперад заходнія суперзоркі.

Але прыйшоў час, і ізаляцыянісцкія настроі змяніліся на больш
памяркоўнае самаўсведамленне. Прынамсі ў беларускіх рок-музыкаў, якія
спачатку «каверкалі» (значыць, рабілі каверы) на творы сваіх
суайчыннікаў («Песнярок», «Віза Незалежнай Рэспублікі Мроя», «Варта
Вежы Багоў»), а потым замахнуліся стварыць нешта вартае і паводле
творчасці суперзорак року («Personal Depeche» — каверы на хіты гурта
«Depeche Mode»).

Удалы прыклад гэтага трыб’юта (дыска-прысвячэння) заахвоціў іншых
выканаўцаў ствараць каверы на знакамітыя песні: «Партызанская школа»
пераспявала песню Пола Макартні «Freedom», малады гурт «Parason»
стварыў уражваючы кавер на самую вядомую песню «Pink Floyd» — «Another
Brick in The Wall», а лідэр гурта «P.L.A.N.» Андрэй Плясанаў запісаў і
выдаў на сваіх альбомах каверы на брытанцаў «Uriah Heep», палякаў з
«No To Co» і «Czerwony Gitary», выканаў беларускамоўную версію
знакамітай песні У. Высоцкага «Коні пераборлівыя»…

У выніку беларускамоўных кавераў на сусветна вядомыя хіты сабралася
столькі, што ў аднаго з крыэйтараў БМАgroup, музычнага крытыка Вітаўта
Мартыненкі ўзнікла ідэя сабраць лепшыя беларускамоўныя каверы пад
адной вокладкай. Так пабачыў свет «Беларускі глёбус» — складанка
беларускіх кавераў.

Яго праграму адчыняе свежая версія кампазіцыі «Pink Floyd» «Another
Brick in The Wall», якую прадставіў на дыск гурт «Крама». Музыкі
«Крамы» маюць вялікі вопыт у стварэнні ўдалых апрацовак. Ну хоць бы
ўзгадаць іх каверы на песні таго ж Чэлентана ці «Depeche Mode». Вось і
«Мур» паводле «Pink Floyd» з таго ж кшталту…

Дарэчы, тэма «дэпешаў» не скончылася трыб’ютам «Personal Depeche», а
працягнутая гуртом «IQ 48» і яго версіяй знакамітай «Enjoy the
silence». Яшчэ адна заўважная тэма ў культуры беларускамоўных кавераў
— мелодыі гурта «Metallica». На «Беларускім глёбусе» эмацыянальна
насычаныя творы гэтай мегакаманды прадставілі беларусы з «Pete Paff» і
«Deadmarsh». Вялікая частка праграмы дыска прысвечана зоркам
сусветнага grunge і nu-metal: гурт «Termin X» выканаў версію песні
брытанцаў з «Oasis», а творчасць культавай «Nirvana» па-беларуску
агучыў сталічны гурт «Мутнаевока».

Для аматараў тэўтонскіх рытмаў «Rammstein» падасца цікавай больш
псіхалагічна заглыбленая версія песні «Sonne» у апрацоўцы мінскага
гурта Partyzone («Чакайце сонца»).

Як на мой густ, дык адным з лепшых хачу вылучыць па-сапраўднаму
настальгічны кавер на песню легендарнага амерыканскага гурта
«Creedence Clearwater Revival» пад назвай «Мару ўбачыць гэты дождж»,
якую ў забытай стылістыцы біг-біта выканалі гітарыст Юрый Несцярэнка і
спявак Пятро Ялфімаў.

Далей акустычна-пачуццёвы пласт «Беларускага глёбуса» ўзбагаціў сваім
філасофскім асэнсаваннем песні ўкраінскага гурта «Мандри» вядомы бард
і рок-музыка Андрэй Плясанаў. Яго кавер «Два шляхі» можа ўзрушыць,
прымусіць задумацца пра лёс краіны, яе незалежнасці і свабоды. А яшчэ
на складанцы «Беларускі глёбус» можна заўважыць і сатырычныя
ўвасабленні кавераў. Вось жа Зміцер Бартосік спявае радкі Я. Купалы «Я
мужык-беларус» на мелодыю «What Can I Do» гурта «Smokie», а «Tlusta
Lusta» «каверкае» песеньку расійскай спявачкі з мужчынскім імем
Макsім…

Беларускія складанкі — не толькі стымул для творчага росту беларускіх
выканаўцаў праз музычнае далучэнне да сусветнай культуры. Удалы,
арганічны кавер — гэта важкі аргумент на карысць роднай мовы ў
рок-музыцы, на карысць сучаснай нацыянальнай культуры, якая павінна
знаходзіць дадатковыя сілы ў лучнасці з культурай сусветнай.
Відавочна, узмацніць гэтую лучнасць і імкнуліся складальнікі
«Беларускага глёбуса». А ці будзе гэтая мэта рэалізавана напоўніцу,
пакажа час.

Анатоль Мяльгуй

Оставьте комментарий

Вы должны войти в систему для комментирования.

Copyright @ Urban.by